Галадоўка як апошні сродак самаабароны
Рубрики: (Новости, Пресса и СМИ, голодовки Дворяниновой С.И.) от 24-08-2007
Прадпрымальніца Святлана Дваранінава патрабуе адмяніць прысуд – шэсьць з паловай гадоў пазбаўлення свабоды, вынесены ёй віцебскай Фэмідай.
Сьвятлана Дваранінава была саўладальнікам прадпрыемства “Акварыус”, якое займалася аптовым гандлем і швэйнай вытворчасьцю. Крымінальная справа ў дачыненьні да яе была ўзбуджаная ў 2004 годзе – за запазычынасьць ў некалькі тысяч даляраў, бо яна ня здолела разьлічыцца за атрыманы без перадплаты тавар.
У судовай справе ёсьць дакумэнты, якія пацьвярджаюць часовыя цяжкасьці прадпрыемства – у памяшканьні прарвала трубу, прадукцыя была сапсаваная, вытворчасьць спынілася, сама прадпрымальніца цяжка захварэла і не змагла своечасова выканаць абавязацельствы па дамовах. Больш таго: да справы далучана заява крэдытора, які пісьмова адмовіўся ад сваіх прэтэнзіяў, бо даўгі са спазьненьнем, але былі сплочаныя. Аднак сьледзтва гэта не спыніла, і справу давялі да суду.
У 2006-м годзе прадпрымальніцу асудзілі на восем гадоў пазбаўленьня свабоды. У траўні 2007-га, запатрабаваўшы перасуду, яна ўпершыню зьвярнулася да такой скрайняй меры, як галадоўка. У заяве “аб адмове ад прыёму ежы” запатрабавала, каб справу перагледзелі, бо інцыдэнт фактычна вырашаны ў гаспадарчым судзе, а пазыкі сплочаныя. Да таго ж галадоўніца выказала патрабаваньне “перадаць крымінальную справу ў любы іншы суд, напрыклад, г.Менску, бо ў яе няма даверу да судоў Віцебску”.
На патрабаваньне Сьвятланы Дваранінавай справу перагледзелі. Праўда, па-ранейшаму ў Кастрычніцкім райсудзе Віцебску. 13 жніўня вынесены новы вырак: ужо ня восем, а шэсьць з паловай гадоў пазбаўленьня волі. Прадпрымальніцу абвінавацілі адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу – за махлярства і крадзёж шляхам злоўжываньня службовым становішчам.
Адвакатка падсуднай Натальля Тарасюк з такім прысудам ня згодная :
– Суд не выявіў фактаў абнаяўленьня буйной сумы грошай, што сьведчыла б пра віну падсуднай. С.Дваранінаву яшчэ можна было б абвінаваціць ва ва ўхіленні ад выканання крэдыторскіх абавязальніцтваў, але ніяк не ў махлярстве і крадзяжы.
21 жніўня адвакатка перадала скаргу С.Дваранінавай у Віцебскі абласны суд, а сама асуджаная ўжо другі раз абвясьціла галадоўку.
Пакінуўшы судовыя калізіі адмыслоўцам, з гісторыі Сьвятланы Дваранінавай можна зрабіць пэўныя высновы. Вось, да прыкладу , меркаваньне лідэра прадпрымальнікаў Валера Леванеўскага:
– Па такой схеме можна “саджаць” ці ня кожнага. Сьледчаму трэба проста пайсці ў гаспадарчы суд, выбраць справу, пагаварыць з крэдыторам, каб той напісаў заяву ў міліцыю, і новая справа па махлярстве або раскрадальніку гатовая. Не трэба сядзець у засадах, праводзіць складаныя разлікі. Вось такі спосаб – хутка і эфэктыўна паставіць сабе ў заслугу раскрыцьцё цяжкага злачынства. Агульнавядома, што нашыя праваахоўныя органы рапартуюць рэгулярна пра раскрыцьцё розных цяжкіх злачынстваў.
Віцебскія прадпрымальнікі ўжо неаднойчы выкарыстоўвалі галадоўку ў якасьці меры пратэсту супраць парушэньня сваіх правоў. У 2004-м годзе загаладавалі адразу каля 40 прадпрымальнікаў, сабраўшыся разам у памяшканьні гандлёвага дому “Мішэль”. Гарадзкія ўлады мусілі пайсьці на саступуі ды выканаць іхныя патрабаваньні. Але каб прадпрымальніца шляхам галадоўкі сам-насам змагалася з судовай сыстэмай – такое ў Віцебску адбываецца ўпершыню.
Алёна Штраль
24.08.2007
см. статью “Галадоўка як апошні сродак самаабароны” на bulletinonline.org

